КУЛЬТУ́РА ТКА́НКІ, эксплантацыя,

метад захавання жыццядзейнасці органаў ці іх частак, участкаў тканак і асобных клетак па-за арганізмам. Заснавана на стварэнні асептычных умоў, якія забяспечваюць харчаванне, газаабмен і выдаленне прадуктаў абмену аб’ектаў, што культывуюцца пры т-ры, блізкай да аптымальнай для арганізма, кампаненты якога ўзяты для вырошчвання. Пры дапамозе К.т. вывучаюць гістагенез, міжтканкавыя і міжклетачныя ўзаемадзеянні, дыферэнцыроўку, рост і дзяленне клетак, асаблівасці абмену рэчываў у жывых клетках, патрэбнасць іх у харчаванні, адчувальнасць да розных рэчываў, у т.л. да лякарстваў. На клетках культур робяць аперацыі (выдаляюць ч. клеткі, уводзяць у яе мікробы і вірусы), рыхтуюць вакцыны (напр., супраць воспы, адру, поліяміэліту); культуры органаў выкарыстоўваюцца для вывучэння спосабаў захавання жыццядзейнасці ізаляваных органаў і тканак, якія прызначаны для трансплантацыі і інш.

т. 9, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)